ГРАМА́ДСКАЯ НЕБЯСПЕ́КА ў крымінальным праве, аб’ектыўная прыкмета злачынства ці іншага правапарушэння, якая выяўляе шкоднасць такіх паводзін для грамадства, нанясенне або рэальную пагрозу нанясення істотнай шкоды пануючым у ім грамадскім адносінам, спосабу жыцця. Шкода можа быць паліт., эканам., фіз., маральная; яна можа быць нанесена правам і законным інтарэсам грамадзян, парадку кіравання, грамадскаму парадку і г.д. Грамадская небяспека дзеяння або бяздзеяння пэўнага віду абумоўлівае сац. патрэбу ў яго забароне пад пагрозай адпаведнай адказнасці. У залежнасці ад характару і ступені грамадскай небяспекі дзеянне разглядаецца заканадаўствам як злачынства ці правапарушэнне (адм., цывільна-прававое, працоўнае). Ступень і характар грамадскай небяспекі злачынстваў пакладзены ў аснову іх класіфікацыі і ўлічваюцца пры вызначэнні віду і памеру пакарання. Гл. таксама Адміністрацыйнае правапарушэнне, Злачынства.

С.У.Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)